Вы выкарыстоўваеце састарэлы браўзэр. Каб карыстацца ўсімі магчымасцямі сайта, загрузіце і ўсталюйце адзін з гэтых браўзэраў:

БЕЛ

Баранавiцкае аддзяленне Беларускай чыгункі

Музей чыгуначнай тэхнікі

14 снежня 1984 г. у г. Баранавічы быў адкрыты музей гісторыі УП «Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі».

У залах музея прадстаўлены этапы станаўлення і развіцця чыгуначнага транспарту. Праз гістарычныя  дакументы,  фотаматэрыялы, натурныя і аб'ёмныя экспанаты,  макеты тэхнікі, карціны, чыгуначную форму і іншыя музейныя фонды прасочваецца мінулае і сучаснасць, праца і побыт чыгуначнікаў.  Аб пачатковым і наступных перыядах тэхнічнага абсталявання магістралі наглядна распавядае экспазіцыя першага ў Беларусі аддзела гісторыі чыгуначнай тэхнікі, адкрытага  30 ліпеня 1999 года.

Ля ўваходу ў аддзел тэхнікі на пастаменце ўзвышаецца макет паравоза серыі "В" у палову яго натуральнай велічыні. Паравоз гэтай серыі прайшоў з першым цягніком са Смаленска праз Оршу, Мінск, Баранавічы да Брэста 28 лістапада 1871 г.. Аснову экспазіцыі аддзела гісторыі тэхнікі складаюць натуральныя ўзоры чыгуначнай тэхнікі, адрэстаўраваныя ў арганізацыях аддзяленняў дарогі, дзе яны эксплуатаваліся ў розны час.

Музей мае калекцыю  паравозаў айчыннай і замежнай пабудовы: Эу, Эм, Эр, ТЭ, Л, 9Пм. Цеплавозны парк прадстаўлены цеплавозамі: ТЭ3, М62, ТЭП60, ТГК2 і ТГМ1. У экспазіцыі музея шырока прадстаўлены ўзоры пасажырскіх і грузавых вагонаў розных пакаленняў. Жывую цікавасць для экскурсантаў ўсіх катэгорый ўяўляе дзеючы макет Баранавіцкага чыгуначнага вузла, усталяваны ў адным з пасажырскіх вагонаў.

У экспазіцыйных залах іншых вагонаў прадстаўлены ўзоры асабістых  прылад працы, прыбораў і механізмаў (у т. л. ручныя рельсарэзныя і рельсасвярлільны я станкі), якімі ў мінулым карысталіся чыгуначнікі. Шырока прадстаўлена шляхавая  дэмантажная тэхніка, грузавыя дрызіны ДГК, АГМ, шпалападбівачная  машына ШПМ-02, розныя прылады сігналізацыі і сувязі (у т. л. дзеючы семафор), комплекс прылад  водазабеспячэння з дзеючай водазаборнай  гідраўлічнай калонкай для запраўкі паравозаў  вадой.

Кожны экспанат музея (многія з іх адноўлены дзякуючы намаганням чыгуначнікаў г. Баранавічы) уяўляе несумненную  цікавасць не толькі для прафесіяналаў, але і для аматараў гісторыі. У 2002 годзе ў аддзеле адкрыта экспазіцыя тэхнікі чыгуначных войскаў. Гэта арыгінальныя ўзоры тэхнікі: пуцеўкладчык ПБ-3М,   выправачна-подбівачная машына ВПМ 600,  машыны для збудавання мастоў на сваях, зенітна-кулямётныя ўстаноўкі 3ПУ-4, якія размяшчаліся некалі на спецыяльных чыгуначных платформах з браніраванымі адсекамі для размяшчэння кулямётных стужак.

Экспанаты музея даюць магчымасць адчуць моц і прыгажосць, унікальнасць і значнасць шматлікіх ідэй, рэалізаваных пры стварэнні чыгунак, а таксама сутыкнуцца з мінулым і па-сапраўднаму ацаніць ўсю гісторыю развіцця і ўдасканалення чыгуначнай тэхнікі ў розныя перыяды. Музей пастаянна папаўняецца унікальнымі экспанатамі.

 

Адрас музея: Рэспубліка Беларусь, 225320, г. Баранавічы, вул. Фралянкова, 11, аддзел «Чыгуначная тэхніка», вул. Фралянкова, 19. 

Тэлефон у г. Баранавічы: (+375 163) 49 39 47,    49 32 35, 49 32 65.